|
Aкцыя без разгону
 2009 03 17
16 сакавіка, у Дзень беларускае салідарнасьці, на Кастpычніцкай плошчы Менску адбылася акцыя памяці зьніклых бязь вестак Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Удзельнікі несанкцыянаванага “лянцуга неабыякавых людзей” таксама выказалі падтрымку новым палітычным вязьням – ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаю Аўтуховічу, Юрасю Лявонаву, Уладзімеру Асіпенку і актывісту “Маладога фронту” Арцёму Дубскаму, які зараз у чаканьні суда знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.
А 20-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы сталі ў шэраг некалькі дзясяткаў актывістаў розных моладзевых арганізацыяў дэмакратычнага кірунку – “Маладая Беларусь”, “Джынс за свабоду”, “Моладзь БНФ” ды іншыях, якія трымалі ў руках патрэты зьніклых палітыкаў, прадпрымальніка і журналіста, а таксама выявы новых палітарыштантаў, расьцяжкі “Свабоду палітвязьням”, “Не - палітычнаму тэрору” ды іншыя, а таксама сьцяг Эўрапейскага Зьвязу.
За падзеямі на Кастычніцкай плошчы пільна сачылі супрацоўнікі праваахоўных органаў на чале з начальнікам Упраўленьня аховы правапарадку галоўнага ўпраўленьня правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Беларусі Аляксандрам Барсуковым. Узьдзеяньне міліцыянтаў на ўдзельнікаў акцыі абмежавалася выключна папярэджаньнямі наконт таго, што мерапрыемства ня ёсць санкцыянаваным, патрабаваньнямі разысьціся і пагрозамі ўжыць фізычную сілу ў выпадку непадпарадкаваньня патрабаваньням прадстаўнікоў улады. Але ніякіх дзеяньняў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у дачыненьні да ўдзельнікаў акцыі не пасьледавала. Праўда, ужо хвілінаў праз пятнаццаць пасьля таго, як усе разышліся, на праспэкт Незалежнасьці выехаў “аўтазак”, які на ўсялякі выпадак хаваўся недзе ў прылеглых дварах.
Зноў хочацца адзначыць, што мірныя акцыі апазыцыі сёньня не ўзяўляюць небясьпекі для ўладаў, і разганяць іх ня мае сэнсу. Асабліва калі мерапрыемства арганізуецца, хоць і ў цэнтры сталіцы, нават непадалёк ад будынка Адміністрацыі прэзыдэнта, але ў такі час сутак, што людзям ужо не да палітыкі…
Генадзь ЛОГІНАЎ
|