|
Лідэры АДС падсумавалі вынікі сваёй дзейнасьці
 2009 12 22
22 сьнежня, у часе он-лайн-канфэрэнцыі, лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, апроч іншага, падсумавалі вынікі сваёй дзейнасьці ў 2009 годзе.
22 сьнежня, у часе он-лайн-канфэрэнцыі, лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, апроч іншага, падсумавалі вынікі сваёй дзейнасьці ў 2009 годзе.
Кіраўнік Беларускай партыі аб’яднаных левых “Справядлівы сьвет” Сяргей Калякін так ацаніў зробленае: “Найважнейшым дасягненьнем Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ёсьць тое, што, насуперак заявам Аляксандра Лукашэнкі, што найбліжэйшым часам апазыцыя ў Беларусі зьнікне, яна парцягвае існаваць і дзейнічаць. Сёньня выходзяць дэмакратычныя газэты, існуюць дэмакратычныя сайты, працуюць палітычныя партыі й грамадзкія аб’яднаньні, яны працуюць зь людзьмі, на падвышэньне іх актыўнасьці, даводзяць ім праўду, і гэта самае галоўнае дасягненьне ў тых вельмі няпростых умовах, у якіх сёньня існуе і працуе Беларусь”.
“Найбольш эфэктыўнай і пэрспэктыўнай, хоць і не скажу, што пераможнай, была наша дамоўленасьць ісьці на прахадныя, ісьці ў тыя гарады, дзе ёсьць праблемныя прадпрыемствы, так званыя монаіндустрыяльныя гарады з горадаўтваральнымі прадпрыемствамі, ісьці да рабочых і работнікаў менскіх заводаў, разьмеркаваўшы пры гэтым адказнасьць, геаграфію, забясьпечыўшы выданьне адмысловых спэцвыпускаў незалежных выданьняў і самі іх раздаючы, - лічыць сябра Сойму Партыі БНФ Вінцук Вячорка. – Такая супольная акцыя, безумоўна, ёсьць інвэстыцыя ў будучае ўсьведамленьне людзьмі сапраўдных прычынаў эканамічнага крызісу”.
“Посьпех - гэта тое, што паддаецца вымярэньню. У ліпені 10 адсоткаў грамадзянаў Беларусі заявілі, што яны ведаюць, чыталі Антыкрызысную плятформу АДС. Гэта прыкладна 750 тысячаў грамадзянаў, зь якіх больш за 90 адсоткаў станоўча ставяцца да гэтага дакумэнта. АДС сёньня – гэта палітычная група, якая мае адказ на самыя злабадзённыя пытаньні, адказ, які не дае нават беларуская ўлада, - мяркуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. – Гэта найвялікшы вынік, і трэба працаваць і далей у гэтым накірунку, тады мы зможам выйсьці за межы 35 адсоткаў грамадзянаў, якія традыцыйна падтрымлімваюць дэмакратаў”.
У якасьці нэгатыву Вінцук Вячорка адзначыў фактычны правал апазыцыяй сёлетняе сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка – угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. “Сёлета пры надточаным адзінстве апазыцыі такой масавасьці й дружнасьці, як гэта было ў 2008 годзе, пры адзначэньні гэтай галоўнай даты ў календары Беларусі дасягнуць не ўдалося”, - адзначыў палітык.
Вінцук Вячорка зьвярнуў увагу на тое, што скаардынаваная міжнародная палітыка беларускіх аб’яднаных дэмакратычных сілаў раней давала плён, але як толькі пайшла дэкаардынацыя, на жаль, пачаўся сыход з каштоўнаснай пазыцыі некаторых эўрапейскіх палітыкаў. “Пры канцы году яны пачынаюць усьведамляць, што спадзевы лібэралізаваць Лукашэнку выніку не далі, і мы ўжо чуем з вуснаў Бэніты Фэрэра-Вальднэр, Яцэка Пратасевіча, што гэта, маўляў, сама беларуская апазыцыя прасіла нас навязаць беспасярэдніцкія прамыя кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам. АДС гэтага не рабілі”, - заявіў сябра Сойму Партыі БНФ.
Але галоўнай сёлетняй няўдачай Сяргей Калякін лічыць тое, што апазыцыйным сілам не ўдалося дамовіцца і ўжо зараз выйсьці на адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў і распачаць падрыхтоўку да галоўнай палітычный кампаніі 2011 году – выбараў прэзыдэнта Беларусі. “Тое, што мы гэтага не зрабілі, хаця былі ўсе перадумовы і не было сур’ёзных пярэчаньняў, я лічу самай вялікай няўдачай гэтага году”, - рэзюмаваў Сяргей Калякін.
Пры гэтым усе ўдзельнікі он-лайн-канфэрэнцыі падкрэсьлілі, што чуткі пра спыненьне існаваньня кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў не адпавядаюць рэчаіснасьці, і на сёньняшні дзень, па словах старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоля Ляўковіча, ёсьць некалькі дэмакратычных арганізацыяў, якія выказалі жаданьне ўступіць у кааліцыю Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Па словах генеральнага сакратара БСДП (Г) Мечыслава Грыба, АДС нікога не выключалі са свайго складу. “Сьпіс жадаючых уключыцца ніколі не зачыняўся. Калі хто хоча далучыцца - калі ласка, мы заўсёды гатовыя да дыялёгу, прыняць, выслухаць, спрачацца і рабіць крокі насустрач. Але калі мы запрашаем, а яны не ідуць - пытаньне ўжо да іх”, - сказаў палітык.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што пытаньне прыёму новых сяброў у кааліцыю будзе вырашаць Палітрада АДС, якая зьбярэцца на сваё паседжаньне ў пачатку 2010 году.
Генадзь ЛОГІНАЎ
|